Мацкевич Ирина г. Минск, Беларусь

Витебский Листопад
ДЫПЦІХ

I
Не заўважаючы ні межаў, ні адлегласці,
маё каханне існуе на супрацьлегласці:
гарачыня пачуццяў сутыкаецца
з халодным сіверам, пры гэтым назіраюцца
маланкі і ўначы імклівы дождж.
Калі прал’ецца, бачым зорны коўш,
а ранкам, як надзея на сустрэчу,
вясёлкі мост – ён абяцае вечнасць.

II
Не заўважаючы ні межаў, ні адлегласці,
маё каханне існуе на супрацьлегласці:
гарачыня пачуццяў раптам сутыкаецца
з халодным сіверам.
Пры гэтым назіраюцца
маланкі, спрэчкі, 
слёз маіх імклівы дождж.
Твая разважлівасць у мяне ўсяляе злосць.
Надзьмутым ветразем гатовая на рух,
я чую ціхіх слоў тваіх няўмольны гук:
“Не спадзявайся, не шукай са мной сустрэчы.”
Як быццам не казаў: “Мы разам – вечнасць”.
І… ападае ветразь, сохне мора.
Каханне – радасць, ці каханне – гора?


ПЫТАННЕ МОВЫ

Пытанне мовы як пароль – чужы ці свой.
Але чаму яно дае нам боль,
які пячэ дагэтуль праз стагоддзі?
Ці лёс такі, ці словы ўжо не ў модзе
Пра Спадчыну, Каханне і Свабоду?
Ці непатрэбна ўвогуле народу
Апісваць пачуццё да роднай маці,

што нас чакае безупынна ў хаце,
дзе нарадзіліся, але з двару пайшлі?
Мы, быццам няўдзячныя сыны,
забыліся на бацькавыя нівы,
на родныя зарослыя магілы.
Ці кут, дзе мы жывем, ужо нямілы?
Апамятацца трэба найхутчэй,
каб край заморскі не маніў вачэй,
і так зрабіць, каб здейсніліся мары
Купалы, Коласа, тых, хто развеяў хмары
і, здолеўшы суперніка спазнаць,
абараніў Айчыну, Мову, Маць.
Павінны заступіцца мы за мову,
каб дзеці, яе ўзяўшы за аснову,
як кропку для адліку новай эры,
змаглі ў Лёс яе шчаслівы верыць!


***

Сама сабе абрала лёс.
Не веру ў наканаванасць,
як быццам хто яго прынёс,
у далонь паклаў –
                трымай як шанец.

Я па сабе сапраўдны жнец
хвілін узнёслых. Снопам цяжкім
яны збяруцца пад канец,
каб апынуцца
                хлебнай бражкай.

І водар тых хвілін хмяльных,
калі піла іх з асалодай,
непараўнальны да зямных
маркотных дзён.
                Ён пахне мёдам

і поўны зоркавай расы,
і месяц у ім адлюстраваўся,
і слодыч той святой начы,
калі са мной 
                ты сустракаўся.