Книжка для детей

Немного Солнца
На белорусском языке


*   Кніжка вершаў для дзяцей

*      Пеўнiкава гора

 
Ходзiць пеўнiк каля хаты

Нейкi цiхi, сумнаваты.

- Ты чаго маўчыш, браток?

- Ды згубiў я чабаток…

- Не сумуй ты, дружа, годзе!

Чабаток у агародзе!

- Як жа там ён мог згубiцца?

- Нехта бегаў па сунiцах!


 
*       Добры коцiк
 

Шэры коцiк

Сеў на плоцiк

Песеньку спявае,

Птушак зазывае:

- Мур-мур-мур,

Сюды ляцiце,

Можна тут прысесцi!

Я смятанкi налiзаўся,

Вас не буду есцi!

 

*        Цукеркi
 

Мы зрабiлi дзве цукеркi:

Ў каляровыя паперкi

Па сунiчцы загарнулi

I пабеглi да бабулi:

- Пачастуйся, калi ласка!

Гэта не цукеркi – казка!

Нам бабуля адказала:

- Вельмi гэтай казкi мала!

 


*       Госць
 

Дожджык завiтаў у госцi

I гасцюе трэцi дзень.

Спадабалася цi штосьцi

Ён згубiў? I вось нiдзе

Гэта ён знайсцi не можа.

Хто ж усiм нам дапаможа?

Сонца-сонейка, хутчэй

Засвяцi – тады лягчэй

Дожджык згубу сваю знойдзе

I ад нас да дому пойдзе!



*      Просьба
 

Папрасiў матулю Марык

Падарыць блакiтны шарык:

- Мамачка, мне вельмi трэба

Патрымаць часцiнку неба!

 

*    Навальніца

 

Гром грыміць за нашай рэчкай,

Бліскае маланка.

А здаецца, гэта спрэчка

Хмарак каля ганка.

Што не падзялілі зранку

Шэрыя сяброўкі?

Можа, штосьці са сняданку?

Кніжку ці алоўкі?

Памірыцца хмаркам трэба,

Не спрачацца. Годзе!

Сонца і блакіту неба

Хочацца прыродзе.

 

*      Калючкі
 
 
Думаў я, што толькі злючкі

Маюць вострыя калючкі.

Але ў нашым садзе ружа

Падабаецца ўсім дужа.

І агрэст салодкі, смачны.

Ўсе яму за гэта ўдзячны.

Можа, гэтыя калючкі

Для таго, каб нашы ручкі

Не ламалі ў садзе кветак

І салодкіх, смачных ветак?

   

*     Вожык
 
 
У бабулі Надзі

Вожык ёсць у садзе.

Ходзіць сярод кветак,

Не баіцца дзетак.

Любіць моркву, хлеб, суніцы –

Пачастункі нашы.

І ахвочы да вадзіцы,

Супчыку і кашы.

 

*      Арэлі
 
 
Пахваляліся арэлі:

- Да нябёсаў мы ўзляцелі!

Але рассмяяўся вецер:

- То не вы ўзляцелі – дзеці!

Бо яны на вас сядзелі

І разгойдвалі арэлі!

 

*    Модны гарбуз
 
 
Моркве гаварыў гарбуз:

- У мяне ёсць доўгі вус.

Зачаплюся ім за плот

І пакіну агарод.

Там, дзе вуліца бяжыць,

Буду жыць і не тужыць!

Бо жыццё на агародзе

Для гародніны не ў модзе.

І сказала морква ціха:

- Каб не напаткала ліха,

Лепш на градцы буду я,

Тут уся мая сям`я.

А пра моду не мані –

Ў градках нашы карані!

   

*     Кот і мышка
   

Мышку кот сустрэў у хаце.

– Добры дзень, кацюня, браце! –

Мышка мовіла – Дарэчы,

Рада гэтай я сустрэчы!

Можа, пазавеш у госці?

– Я не разумею штосьці, –

Вельмі разгубіўся кот –

У мяне пусты жывот.

З`еў бы я цябе з ахвотай,

Каб сюды забегла ўпотай.

Але ж ты цяпер мой госць –

Пачастую я чым ёсць.

На хазяйскія каўбасы

Сам, прабач, я вельмі ласы.

А бялюткую смятанку

Я злізаў учора зранку.

Засталіся сухары.

Падабаюцца? Бяры!

   

*   Падвячорак
   

Ці не мышка,

не нарушка

надкусіла

піражок?

Кім

пагрызена ватрушка?

Хто

рассыпаў тваражок?

А сляды зубоў

на грушы

хто пакінуў?

Коцік? Мыш?

Падвячорак

у Максюшы

гэта быў!

Так еў малыш!



*  Кацюшыны заботы
 

А на ложку

нашай Каці

цацкі ўсе,

што ёсць у хаце!

Тут жырафа,

коцік,

мышка,

лялька,

малпачка

і мішка,

зайчык,

конік

і манета,

пернік,

татава газета.

Ўсё, что дорага

і міла,

спаць

Кацюша палажыла.

А затым сказала:

Ой!

Дзе ж мне спаць

цяпер самой?

   

*   Кацяня

 

Калі ты

маленькі ростам,

кацянём быць

вельмі проста!

І за мамчыным

клубком,

як за мяккім

калабком,

можна лазіць

под канапу

і пад шафу

сунуць лапу.

Пад сталом

яго катаць,

ножкі крэслаў

абматаць.

Уецца нітка

ад клубочка –

ёсць забава

для сыночка!