Настане вечар

Анатолий Яльницкий
Настане вечар цёплы зорны,
Нам часу бег не запыніць,
Мой край бярозава-азёрны,
Празрыстых край маіх крыніц.

Там пахне поле збажыною,
І чутны яблык спелых звон,
А месяц жоўтай галавою
Вярхі кранае важкіх крон.

Ледзь чутна падпявае вецер
Матыў дзіцячых дзіўных сноў,
Яшчэ здаецца быццам свеціць
Далекі свет з акон бацькоў.

Але не скрыпне ціха брамка
І не пакліча маладосць,
Сумуе хата мабыць зранку,
Я для яе забыты госць.

Жыццё ляціць даволі шпарка,
За ім ніколі не паспець,
Калі гарэць, то ярка-ярка,
А не як прэлых лісцяў медзь.