Хрызантэмнае

Клавдия Семеновна
Гаркавасць ружаватая ў пакой               
Плыве – святкуе восень хрызантэма.
Чытаецца  шчымлівая паэма
З самотай невыказна трапяткой.
Гучыць не ўголас, і не шэптам – нема.

Бурштынкі заварожаныя слоў
Злятаюць, бы вішнёвы ліст пад ногі.
І ў сэрцы ўжо ні смутку, ні трывогі -
Адно замілаванне і любоў
Ды прага неадольная дарогі.

Дык не скупіся ж, восень, падары,
Мне разам вандраваць з табой прыемна.
Падорыць, я ёй веру – не дарэмна
Ружовая  пяшчота па двары               
Плыве ў акно гаркава-хрызантэмна.