Стихотворение К. Симонова Открытое письмо

Анастасия Котюргина
Адкрыты ліст
Жанчыне з г. Вічуга

Я вас павінен абвясціць,
Што не дайшоў да адрасата
Той ліст, што ў скрыню апусціць
Вас некалі штурхнула здрада.

Ваш муж не атрымаў ліста,
Не быў забіты словам пошлым,
Жыццё ён праклінаць не стаў,
Не звар’яцеў. На шчасце, можа,

Калі ён паднімаў байцоў
Ў атаку ля руін вакзала,
Тупая грубасць вашых слоў
Яго знутры не раздзірала.

Калі застыў перад мяжой,
Сцягнуў рыззём крывавым рану,
Ваш ліст у гэты час ішоў,
Яшчэ было, на шчасце, рана.

Калі на камяні упаў
І абарвала смерць дыханне,
Ён ўсё яшчэ не атрымаў,
На шчасце, вашага паслання.

Магу паведаміць аб тым,
Што, загарнуўшы ў плашч-палаткі,
Ўначы мы ў парку гарадскім
Яго зарылі пасля схваткі.

Што ж, зорка ёсць са сталі там,
Таполя побач – як прыкмета…
А зрэшты, я забыўся, вам,
Напэўна, не цікава гэта.

Нам ліст прынеслі раніцой…
Яго, за смерцю адрасата,
Мы ўслых чыталі між сабой –
Вы ўжо прабачце нам, салдатам.

Не ўспомніце вы і радка
Ніводнага. Але ў дэталях
Я, ад імя ўсяго палка,
Вам змест ягоны нагадаю.

Вы напісалі: хутка год,
Як шчасце новае спаткалі.
Муж вернецца, але яго
Ўсё роўна вы чакаць не сталі б.

У вас чарговы там раман, -
Таму не варта словы траціць.
І ўжо патрэбы больш няма
У лейтэнанцкім атэстаце.

І каб лістоў ён не чакаў
Ад вас, не дакучаў нанова…
Уласна так: “не дакучаў”…
Вы жорсткае шукалі слова.

І ўсё… Мы страцілі давер,
Калі чыталі іх цярпліва,
Ўсе тыя словы, што цяпер
Для некаханага знайшлі вы.

“Не дакучай”, “Муж”, “Атэстат”…
Калі такой бяздушнай сталі?
Бо ён жа быў салдат, салдат!
Бо мы за вас з ім паміралі.

Я не хачу суддзёю быць,
Дваіх расстанне падзяляе,
Не ўсім даецца век любіць, -
Ў жыцці, нарэшце, так бывае.

Няма кахання, бог жа з ім,
Хай здрадзілі вы маладушна,
Хай жыць вы будзеце з другім,
Не важна – з мужам ці не з мужам.

Салдата нельга ў тым вініць,
Што зараз водпуску не знае.
Ён проста тры гады вайны
Аддана вас абараняе.

Што ж, напісаць вы не змаглі
Слоў горкіх ды высакародных.
Шкада, што вы іх не знайшлі –
Маглі б пазычыць дзе заўгодна.

На шчасце, ёсць Жанчыны ў нас!
Яны б вам гонар аказалі –
Няхай будзённа, без прыўкрас –
Радкі бы сэрцам напісалі.

І словы лепшыя знайшлі,
Паменшылі б тугу чужую.
Ад нас паклон ім да зямлі,
Паклон за іх душу жывую.

Не вам, а нашым жонкам ўсім,
Чый ціхі подзвіг непрыкметны,
Пра вас мы напісаць хацім,
Адна вы вінаваты ў гэтым,

Што тут, з цяжарам на душы,
У барацьбе з самім сабою,
Цяпер чакаюць іх мужы
Лістоў ад родных перад боем.

Мы свой спакой не збераглі.
Глыбока горыч прыхавалі:
Калі - не вы адна змаглі,
Яшчэ хто-небудзь атрымае?

На строгі суд жанчын сваіх
Мы вас пашлём. Вы іх нягодна
Прадставілі – ў сумленні іх
Зняверыцца далі нагоду.

Няхай вас папракаюць тым,
Што вы працяглы час хавалі
Душу птушыную, што з ім
Сябе за жонку выдавалі.

Ваш муж забіты – ў гэты час
Ўсё добра. Так жывіце з новым.
І мёртвы не абразіць вас
Даўно ўжо непатрэбным словам.

І больш не бойцеся віны,
Ён здрадай у адказ не стрэліць.
І ў горадзе, пасля вайны,
Вас разам з мужам не сустрэне.

Ды прыйдзецца вам дараваць
Яшчэ адно яму – і вось што –
Напэўна, з месяц дастаўляць
Яго лісты вам будзе пошта.

Павольна будзе ліст ісці,
Але хапае кулі спрыту.
Так прыйдуць восенню лісты,
А ён у ліпені забіты.

Там слоў бясконцая рака
Пра вас. Вы іх прыняць не ў стане.
Я, ад імя ўсяго палка,
Хачу вярнуць яго прызнанні.

Вам гэтыя радкі ў адказ
З нянавісцю мы прысвячаем.
Не паважаючыя вас
Нябожчыка аднапалчане.