Без цябе

Валерий Познякевич 2
Без цябе -- пажаўцелая восень
Раствараецца ў фарбе лістоты.
Дождж струменіць, плыве па дарозе,
Бы іграе той восені ноты.

Я, натхнёны мелодыяй верша,
Клін гусіны паглядам праводжу.
Гэта восень акрэсліла межы,
Прыцягнула да неба, да Сожу.

Што ж ты восень з душой нарабіла?
Зноў прымусіла думаць аб вечным...
Асыпаецца долу рабіна
Маім лёсам жывым, чалавечым.

Яе чырвань не стане ратункам,
Не пральецца на белай паперы.
На сасне думку дзяцел прастукаў --
Без цябе я шыбую наперад.

Не бяда, што плаклівая восень
Мае думкі самотай спавіла...
Хутка будзе вясна на дарозе --
Ля вакна заквітнее каліна.

09.11.2019. Заслаўе.