Слухаю вочы

Мечислав Курилович
Вершаваныя гумарэскі

*
Вочы спакусы –  бы ў казках Грымаў
эўрыкі выдах: “Неверагодна! –
як без сучасных секс-бомба грымаў
дзеўкі палоняць рыцараў Гродна”.

*
Вочы ў следчых гараць, кусаюць
і дзеясловяць зрэдзьчас па-наску,
а  мая хата, як мовяць, з краю
 палёнай водкай прыедзе з Бранску,

ды падміргне куслівым вокам
і манапольнай спіртное праўдзе,
каб на памінках хтось прагалёкаў
пасля і трэцяй: “Мо-о- жна. Пастаўце!”

*
Вочы на біржы ў чарзе вакансій, –
як у Саюзе, дзе нас даілі.
Фору і нашым дадуць у трансе
пры  мазахізмскай тады ідыліі,

калі й вучоны святлом навукі
мог наталіцца, нібыта рэнтай,
што залатыя шукала рукі
нат у даяркі з  зайздросным тэмпам.

*
З вахты ДАІшнай алЯрм-канторы
вочы ў засадзе, быццам з іконы,
і не дурнеюць, як бомж, ад здору
ў часе дэфолтнай нашай Мамоны.

*
Хлопцы ад фірмы правапарадку
не пазычаюць вачэй у Веча,
як пад  размінку для фіззарадкі
шлях  іншамысных гумаю лечаць,

што інсургентаў пястуюць кветкай
на іх угодкі не пад заказ
з пяра праўдзівай нашай газеткі:
“Каб ім без волі і свет пагас!”
*
Вочы з пахмелля! А да пахмелля?
Хай бы іх лепей забрала трасца,
бо ў Сінявокай нават Амеля
такіх  не бачыў яшчэ кантрастаў,

мо толькі ў жонкі з курком на ўзводзе,
калі хаваўся і кот пад венік
паводле  правіл у той гасподзе,
што шчодра сеяў і мне са жмені;

дый у бяздомных вачах сабакі
шок усемагутных, якіх дасталі,
якім скарынка, бы “доза” з макаў
на бурапеннай Саюза хвалі.
 
*
Вочы з рэнтгенам любімай цешчы
нават ад сэрца знайшлі ключы,
сёння заначку без дна ў дежцы…
І не схавацца, і не ўцячы,

як ад падаткаў з крутым наварам,
дзе не мяняюць шыла на мыла.
Шэптам ІПэшнік Боскую кару
слухаў ад  жонкі: “Я гаварыла!”

*
Вочы расстання – лісток апалы
восеньскай кветцы (зімы званочак),
ад урагана – гасподзе рала
не  разгадае і сон прарочы.

*
Вочы паэта – сверб прадчування
у “геніяльным” вершы да донца,
дзе  варажбою бубніць пытанне:
“А ці заўважыць хоць плямай сонца?”
   
*
Вочы старэчай  з ранку гаркоты –
ключ для красворда рэбусу дня,
дзе ўсе праблемы рашае “Потым!” –
самая блізкая сэрцу радня,

як у дзяўчыны, што стала мамай
з трыста рублямі (харчовы кошык) –
на спрэчках з храпам сейма нірвана:
“І у багатых люд лічыць грошы!”

*
Вочы стралка былой Катыні
з вачніц не лезлі балюча-гостра,
бо клёк у кАта не меў і звілін,
а дзве ад шапкі – уласнасць Монстра,

калі й ГУЛАГам вачэй хапала
ці ў рудніках то, ці на чыгунцы,
скуль нават сёння глядзяць з-пад шпалаў
па ўсесаюзнай тады задумцы.

А варкуцінскай дыеце з ГОСТа
зайздросціў вынік нат ліпасакцый,
супер навукі, на жаль, без посту,
дзе здор загнецца ад Боскіх санкцый.

*
Вочкамі дзеткі без кнігі знаюць:
Боскае слова родзіць зямля.
Ноль два адсоткаў, як прачытаюць,
жыць па ім будуць. Гэта ж пасля.

А ў неспазналых салёнасць поту
водгук не знойдзе Боская тэма:
як на мурашку, наступяць ботам
і не заўважаць на вейках трэмар.

*
Вочы й ухмылкай падчас гавораць:
што Рубіконам стане мяжа
і з навагодніх тэлепаўтораў
ад завірухі ці з капяжа,

калі  вядучы з тэлеэкрана
кажа пра тое, што хоча сам,
запар і бацька амаль таксама:
“Я вас нікому тут не аддам!”

*
У алігархаў плашч-невідзімка
з трайным сакрэтам супраць вачэй,
бо іх не бачна нават на здымках
самых прэстыжных Гродна людзей.

*
І толькі вочкам наскае зоркі,
што паўтараюць у генах Бону,
ад Прынямоння скажу я: “Горка!” –
Болей нікому.