спокойной ночи

Анастасия Котюргина
"Они долго простояли на одной полке, пока не упали и не разбились"


З тваіх нябёсаў, мой Анёл, зляцела
у пятае па ліку, у бяс-снежань.
Мая душа і трапяткое цела,
і ўсё, што гэтай ноччу бачаць сцены –
табе належыць…

Так і мае навечна –  пах малочнай
гарбаты,
                жэст ласкавага пратэсту
і шкадавання (ты жа боль прарочыш)!
Мой сорам, блузка…
(гальштук твой, сарочка) –
                на спінцы крэсла…

Надыйдзе час да казкі спрычыніцца,
ў якой фігуркі мараць пра бясконцасць,
самаахвярна падаюць з паліцы,
але Гасподзь дае ім раскалоцца
на два кахання роўных,
і разбіцца,
каб зведаць сонца,

што над падлогай трэці дзень лунае…

А зараз жыць – не трызніць, не прарочыць!
А зараз час сукенак і сарочак!..
Так спяць яны ў абдымках і не знаюць,
што выдуманы іх сыход барочны…
Спакойнай ночы!..