Цяжкі шлях. Адны абрывы.
Амаль сцежка не відна.
Ці ты быў калі шчаслівы?
Ці твая гэта віна?
Разляцеліся надзеі,
Як пад дубам жалуды...
Кучаравы чуб радзее,
Бляск вачэй - не малады.
Сівізна, як іней, ранні
Абдымае ўжо чало.
Дзе каханне? Спадзяванні?
Дзе згубіў сваё крыло?
Задуменны і маўклівы
Пойдзеш сцежкай палявой.
Апусцелі лес і нівы,
Цяпер восень, сябар твой...