Першаму каханню

Станислав Шастак
Сяло маё роднае,
Месца залатое!
Для жыцця выгоднае,
Для душы сьвятое!

Краю мой юначы,
Незабыўны, вечны,
Дзе Тучанкi, Начы
Плынi сьветлацечны!

Там смарагд палеткаў
Гоiць звады спора
I калыша ветрык
Сiнi лён, як мора.

Думкамi-мысьлямi
Над табой лунаю
Мроямi ды снамi
Памяць ажыўляю.

Што ў маiм сэрцы
Песьцiць успамiны
Пра вачэй азерцы
Любае дзяўчыны.

Цi ўзыходзiць сонца,
Цi яно заходзiць -
Да яе ваконца
Думак шлях прыводзiць!

Слодыч успамiну
Сэрца ажыўляе
Ды вачам дзяўчыну,
Наяве з'яўляе.

Бачу яе ўвечар,
Мроiцца мне ўночы
Ясназоры позiрк
Малахiтны вочы!

Зьберажы нам Божа
Памяцi сьвятло!
Хай нам дапаможа
Цанiць, што было!