***

Вера Дрозд
Кужаль лёгкі на калені кляновыя клаўся,
Снег насыпаў сумёты ля старэнькай сасны,
Волат-дуб гнуткім веццем з вярбой абдымаўся
І ў абдымках вярба сніла зорныя сны.

Ледзь хісталі ялінкамі елачкі-кралі,
І трымцеў паміж лапкамі сонна мароз,
Шэрань мжыстасць абвесіла, нібы каралі,
Брыльяцістасцю свецяцца станы бяроз.

Расхінуліся хмаркі на небе пытліва,
Сцішыў вецер сваю ашалелую злосць.
І праменьчыкам сонца, як пяшчотнае дзіва
Счараванай усмешкай паплыла прыгажосць.