Каханне

Вера Дрозд
    Гэты эпізод  ваеннага ліхалецця можна было б не успамінаць, бо памерлі і дзед Ягор , і бабуля Соня. Але ж засталася сведка іх кахання - квяцістая хустка, знойдзеная ў шафе ўнукамі. Толькі ў самыя вялікія святы бабуля Соня дазваляла сабе накідваць яе на плечы , нават не завязвала, бо не хацела камечыць дарагую рэч. Акуратна складзеная, упакаваная ў празрысты мяшэчак, хустка пакоілася ў самым патаемным куточку  разам з узнагародамі дзядулі .
   Нялёгкія гады вайны. Георгій вымушаны быў пакінуць маладую жонку Сонечку, каб абараняць будучае іх будучых дзяцей. Салдат трапіў у танкісты. Перад першым боем у невялічкім гарадку купіў Сонечцы хустку, прыгожую, квяцістую. Заўсёды насіў яе ля сэрца. Не шкадаваў хлопец свайго жыцця! У адным баі танк падбілі ворагі. Выбіраючыся з палаючай машыны, быў ахоплены полымем. Страціў прытомнасць. Ваенныя сябры выратавалі.    Доўгія месяцы шпіталю пакінулі на спіне глыбокія рваныя шрамы. Але напамін аб каханай, запаветную хустачку, полымя пашкадавала.
     І зноў бой. Так здарылася, што ў родную вёску Двор Пліна на танку ўехаў пераможцам. Але Сонечку пабачыць не змог. Мірныя жыхары вымушаны былі хавацца ад нечалавечага пекла баёў.
    Яшчэ доўгія месяцы экіпаж, танкістам якога быў Георгій, пракладаў шлях да перамогі. Стаўшы родным,падарунак саграваў сэрца, прыдаваў жыццёвыя сілы і ўмацоўваў нянавісць  да ворага.
    І толькі ў Берліне , стоячы на брані стаўшага домам танка, Георгій дастаў запаветную хустачку і, як сцягам, размахваў ёю, неўпрыкмет выціраюы вугалком скупую мужнюю слязу. Ён ведаў, што наперадзе яго чакае сустрэча з каханай жанчынай, шчаслівае мірнае жыццё. Аб чым марыў тады танкіст? Якой бачыў будычыню? Напэўна, яму мроілася зеленаватая рунь засеянага ім поля,звыклы пах узаранай зямлі, шоргат касы на росным лузе і,напэўна, маленькі басаногі хлапчук, які цягне да яго ручкі і ляпеча:” Тата. я буду табе дапамагаць.” І, канечне ж, яго Сонечка, адзінае каханне на ўсё жыццё.У які музей пакласці гэты квяцісты сімвал кахання? Якімі словамі данесці да патомкаў чысціню і моц пачуццяў? А колькі яшчэ такіх экспанатаў можна было б сабраць!
    Я стаю ў задуменні ля кавалачка тканіны і  не адважваюся дакрануцца да гэтай святасці рукой. Гляджу на парудзелыя фотаздымкі бабулі Соні і дзядулі Ягора: 50 год разам у радасці і смутку. Вось бы кожнаму такое каханне - моцнае, трывалае, вечнае.