***

Вера Дрозд
Жанчына падобна на цікавую кнігу:
Старонкі яе акуратна гартай.
Напэўна, там знойдзеш каханне, інтрыгу.
Убачыш задачу - цярпліва рашай.
Пяшчотай яе абгарні і ўвагай,
Ад непагадзі і дажджоў беражы.
Не кідай знянацку абразай-знявагай,
А цёплыя словы з усмешкай кажы.
І будзеш чытаць тую кнігу да скону,
І будзеш сюжэт з ёю разам  ствараць.
Захочаш царыцу – надзень ёй карону,
І будзе царыца цябе абдымаць.
Чытай, прыпыняйся на кожную коску,
І дагаджай міжрадковай мальбе.
Убач між абцасаў высокіх і лоску
Адзіную, што пакахае цябе.
Калі ж журавель цябе мкне, не сініца,
Калі на душы не пакінуты след.
Пастаў акуратна яе на паліцу –
Не для цябе напісалі сюжэт…