Размова з бацькам

Вера Дрозд
                Схіляю галаву над роднаю магілай,
 Каля цябе стаю з чаромхай, татка мілы.
Лагоднага вятрыскі павяванне
Са мною разам шэпча: «Прывітанне!»
Зноў веснавое сонейка прыгрэла,
Не так даўно я, татачка, хварэла
І, трызніўшы, убачыла ў сне
Як ты калісьці калыхаў мяне.
І цалаваў у роднае дачушкі
Валоскі, вочкі, носік, твар і вушкі.
І вось ужо не чую сем гадоў
Тваіх ласкавых і лагодных слоў.
Цябе мне, татка, вельмі не хапае,
У вяночак з кветкамі я боль свой уплятаю
І запускаю той вяночак з ружаў
У лапы хваль, якія ты не здужаў.
У жалобнай лентачцы партрэт твой на сцяне.
Усмешкай сустракаеш зноў мяне.
Выразным моўчкі позіркам яскравым
Пытаешся: «Ну, як, дачушка, справы?»
Табе паскарджуся, бывае, і паплачу
Над цяжкім правілам або задачай.
Падобна да цябе не толькі тварам,
                Характар твой я мець таксама мару.
Сягоння велікодны дзень святы.
Прымай гасцей, мой татачка, і ты.
Цукерак узяла я для цябе ў краме,
Я вельмі падрасла, дапамагаю маме.
Вось, татка, дзённік мой, стараюся вучыцца
І ты б сваёй дачкой мог зараз ганарыцца.
Клён мне слязу змахне, смуткуе ён таксама.
Ты, тата, для мяне адзіны. Ты і мама.
Але ж навокал май, палёту пачуццё.
Прабач мяне. Бывай, бо кліча ўвысь жыццё!