Сход

Вера Дрозд
     У свой каляндарны час зіма ў гэтым годзе так і не прыйшла. А з надыходам сакавіка раптам спахапілася і стала шпурляць з неба снег такімі камякамі, быццам вырашыла за адзін дзень выправіць памылку адсутнасці снежнага покрыва доўгіх трох месяцаў.
Снег ішоў і ішоў, апранаючы дрэвы ў белыя кашулі і ператвараючы іх  у незвычайныя дзівосныя істоты.
На другі дзень непрырыўнага снегападу з-пад галінкі старой разгалістай яблыні, што расла ў садзе, пачуўся ціхенькі пошчак. Праз хвіліну зноў. Прайшоў нейкі час, і з суседняй яблыні, нібы ў адказ на незвычайны гук, нехта свіснуў. Зноў усё заціхла. А снег усё сыпаў, засцілаючы пярынай наваколле. Некалькі імгненняў стаяла дзівосная цішыня. Адчуванне спакою перарвала нешта падобнае не то на песню, не то на шчэбет, не то на незадаволеную сварлівую тыраду. І на тэлеграфны провад вылецеў з-пад пухнатай галінкі срабрыста-чорны шпак. Ён, нібы вясковы хлапчук, непаседліва падскочыў на провадзе і аглушальна, на ўсё наваколле, свіснуў. І раптам сад ажыў. З-пад сукоў, атрасаючы некранутую бель, са шпакоўні, падобнай на шапку-будзёнаўку, павысоўваліся востранькія цікаўныя дзюбкі. Кожная птушка нешта незадаволена выкрыквала. Пачаўся сход. Шпак, які сядзеў на провадзе, толькі паварочваў туды-сюды нахохленую галаву, ды аглядаў чорнымі пацеркамі вачэй прысутных. Напэўна, адзін ён маўчаў. Птушыны гвалт працягваўся. Ён усё мацнеў і мацнеў. Аратары не слухалі адзін аднаго. Кожны прапаноўваў сваё выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі. Нарэшце ўся чародка згуртавалася на тэлеграфным провадзе.
Шпак, які, напэўна, лічыўся галоўным, зноў моцна свіснуў. Шум імгненна сціх. “Галоўны” два разы шчоўкнуў і ўсе удзельнікі сходу падняліся ў паветра і, рассякаючы крыльцамі тугія снежныя камякі, зніклі з вачэй. Трэба было шукаць ежу. Трэба абавязкова пратрымацца яшчэ дзень-другі, бо ўжо вясновы пах вітае ў паветры. І вецер зусім не злосна, а сцішана-гулліва пагойдвае вецце маладой прыгажуні-бярозкі. І калючыя, халодныя сняжынкі ужо, мабыць, заўтра ператворацца ў слязінкі-ручайкі. І з сонечнай усмешкай, па садах і ўзлесках, пакрочыць-паляціць вечна маладая красуня-вясна. І, як заўсёды, пераможа жыццё, а гаі і дубровы будуць слухаць стогалосы хор птушынага ляснога царства.
І няма на зямлі такой сілы, якая б забараніла шпакам, салаўям,жаўрукам і ластаўкам прылятаць сюды і складаць вечныя гімны свайму роднаму бору, вярбінцы над возерам, кусту чаромхі над бруістай рачулкай, сасновай галінцы і роднай шпакоўні на яблыневым дрэве.