Пералётны

Вершы
Чаму неспакойныя хвалі
Настойліва б'юцца аб бераг?
Ці выбару ім не давалі,
Ці справа ўся ў мора памерах?
А можа іх так прывучылі:
Ісьці толькі ў гэтым напрамку?
Яны шлях дадому згубілі
І б'юцца ад ранку да ранку.

Чаму пералётныя птушкі
Спяваюць званчэй на Радзіме?
Жыццёвы сюжэт кінастужкі,
Якую хтось некалі здыме!
- Скажы мне паціху на вушка,
Што ў родных мясцінах такога? -
Маўчыць спадарожніца-птушка,
Нябёсная вабіць дарога.

Куды раптам зніклі аблокі?
Чужое, пякучае сонца
Жыццёвыя высушыць сокі,
А потым смяецца бясконца:
"Вяртайся, самотны, дахаты,
Туды, дзе ня будзе спякоты,
Дзе дождж, сумны твой памагаты,
Спявае заўныўныя ноты".

03.08.2019
Calafell,
Catalunya