Дынастыя

Вера Дрозд
Тры жанчыны – маладых, прыгожых, вабных
У сукенках строгага пакрою
Восенню, увесну і зімою
Да парога школы крочаць зграбна.

У адной на твары мудры вопыт,
Срэбра шаўкавістае на скронях,
Цёплыя, ласкавыя далоні,
А ў вачах – даверлівасць і клопат.

У другой – любімых вучняў мары,
Сшыткі, дзённікі і роднай мовы гукі,
Правілаў вучэнне без прынукі
І паход нядзельны на абшары.

Трэцяя ж з дыпломам педагога
Першы год настаўніцкі мяняе.
Творчых планаў і задумак зграя.
Пачынаецца ў прафесію дарога.
                ___________

Мінуць гады, як дажджы-ліўні частыя,
Ды аддае свае сэрцы ў дзіцячыя рукі.
І па прыступках вядзе іх да храма навукі
Улюбёная ў справу настаўніцкая дынастыя.