Мой край... на друг. яз. цикл стихов

Журавушка 1
Навекі ў сэрцы...

Ніколі не скажу: бывай!
Ні вербам, ні бярозам.
Звініць званочкам родны край,
Нібы жаўрук дзівосны.

У маім ты сэрцы назаўжды,
Як трапяткая мова.
Свяці мне гойна праз гады,
Не ведай горкай стомы!

Са мною - продкаў галасы,
Што для душы - святое.
Пад звон студзёнае расы
Усё вакол гамоніць.

Струменіць водар вечарком,
Смяецца дзесьці рэха.
Мядовым пахне малаком,
Малінаю паспелай.

Калодзеж рыпне на двары,
І здасца голас родны -
Заплачуць ў небе журавы
У паднябессі вольным.

Зноў паспяшаюся туды,
Дзе мрояцца пралескі,
Дзе ў белай квецені сады
І сонейка - усмешкі.

Дзе з чуйнаю жывуць душой
І з дабрынёю людзі,
Іх вочы вабяць чысцінёй,
А край - душу галубіць!
**************************

А дзесьці звоніць дол...

Над вёскаю ўецца дым,
І халадок мінае хаты.
А месяц - хлопец малады -
Снуе між зорачак крылатых.

Нырае плаўна ў азярцо -
Шукае гульні і забавы,
Гамоніць з сонным камышом,
А твар яму казычаць хвалі.

Пад зорным небам сіні лён,
Шуміць, нібыта хвалі мора,
І, трапіўшы ў начны палон,
Душой адпачывае ў стоме.

Далёка звоніць родны дол,
Заве павабіць карагоды.
Бягу насустрач між лугоў
З малітвай за цябе, край родны...
****************************

Я за вас малюсь...

І зноў завуць мяне прысады,
Дзе ў небе кружаць журавы.
Дзе памяць сэрца мне кранае,
Дзе чую подых баравы.

Сустрэне ягадная вёска
І спеў над полем жаўрука,
Дзе жыта - вузкая палоска
І маці - шчодрая рука.

Я ўзлячу над краем птахай,
Крыламі абдыму прастор,
Замру ад водара і пахаў,
Нап'юся меду з верасоў.

І прыхінуся да бярозы,
Радзіме ў пояс пакланюсь.
Няхай нічога не трывожыць -
Душою я за вас малюсь..

**********************
Мой край

Кіпіць ля хаты сіні бэз,
І пах ліецца па акрузе.
Звініць мнагагалоссем лес,
Сігналы падае зязюля.

Сінеюць вочы васількоў,
І пчолкі зумкаюць, лятаюць.
Сярод пахучых палыноў
Свой дзень працоўны сустракаюць.

Гудзе, спявае родны край,
Нібыта граюць дзеда гуслі.
Ляціць мелодыя за гай,
І пошчак замірае ў лузе.

Не хочацца ісці дамоў,
Ад гэтае красы і пахаў.
Укрыцца б пышным дываном,
Або ляцець услед за птахам.

Кружыць над звонкай белізной,
Як той рахманы, шчодры буслік,
І наталіць душу зямлёй,
Святою нашай, беларускай...
****************************

Давай збяжым...

Давай рванём з табой туды,
Дзе сырадоем пахне ранне,
Дзе ноч пакінула сляды
Той прагнай песні пра каханне.

Разбудзім сонных петухоў -
Няхай нясуць у свет рулады.
Пачуем посвіст пастухоў,
І ўспыхне зоранька над хатай.

Збяжым з табой да жаўрукоў,
З галінкамі чаромхі, бэзу.
Да самых чыстых берагоў,
Пад звоны, гукі паланэзу.

Адкрыем безліч таямніц,
Як і раней з табой ў юнацтве.
Збяром да кроплі, да драбніц,
Усё, што беларусы маюць.

Паклічам рупных землякоў,
Напоўнім іх гаючай сілай.
Хай кратаюць усё душой,
Жывуць з прыродаю ў міры!

****************************

А помніш?..

А помніш любы наш куток,
Мая ты родная сястрычка,
Дзе за вакном звінеў лужок
І клікала ў лес сунічка?

Звінелі ў небе жаўрукі,
І бусел клякатаў над хатай,
Глядзела маці з-пад рукі,
Чакала зморанага тату.

А ён з усмешкаю ішоў,
Хоць і стаміўся ад работы,
Букецік нёс нам з васількоў -
Таму - запыленые боты.

Пад вечар рваўся на лугі,
Касіў да туманоў бялёсых.
А ў гэты час каля ракі
З табою мы збіралі росы.

Ні ведалі ніякае нуды -
Бацькі над намі шчыравалі.
О, як вярнуцца мне туды,
Дзе пахне мёдам і блінамі!

Пайду праз годы, напрамкі,
І абхіну замшэлы ганак.
А дзесьці нікнуць васількі -
Не прынясе іх болей тата.
 ********************