Неадукаваная прырода

Вера Дрозд
Дзе, Зіма, скажы схавала снег,
Што спаўзаў карункамі са стрэх?
Зацвілі ў студзені на ўзлеску
Вочкамі блакітнымі пралескі.
Разгубіўся лес стары рабы –
Замест лёду выраслі грыбы!
Камары лютыя ў Новы год
Пакусалі цэлы карагод!
На арэшніку звісаюць ніца
Жоўта–залатыя завушніцы.
Сарамліва-шэрыя хмурынкі,
Жменькай снегу сыплюць на сцяжынкі,
Сонца ўслед срабрыстай ніткай шоўку
Высылае з дожджыкам вясёлку.
Студзень людзям так і не прынёс
Снег, завею, сцюжу і мароз.
Мабыць, пераблытала пін коды
Неадукаваная прырода…