Жыццёвы крыж

Вера Дрозд
Жыццёвы крыж даецца людзям Богам
Пры нараджэнні, на ўсё жыццё.
І бачны Усвышняму дарогі,
Што нас вядуць ад люлькі ў небыццё.
Спачатку крыж здаецца парасонам,
І ўкрывае ад ліхіх нягод.
Ды круціць лёс бязлітасныя жорны,
Нібы завеі люты карагод.
Грахі з гадамі давяць крыж на плечы,
Нянавісць націрае мазалі.
Каханне як бальзамам раны лечыць,
А страты, бы паходы па раллі.
Папутным ветрам аблягчыла ношу,
З палёгкай распраміла пазванкі.
Ды раптам градам калюкоў-гарошын
Лёс здрадай любых чэша кулакі.
Зноў па рацэ жыцця плывеш ладдзёю,
А збоку зайздрасць мозг шкрабе, бы мыш.
Ідзі
          няшпаркай
                цвёрдаю
                хадою,
Нясі
         табе
                наканаваны
                крыж.