Божа-Божухна

Нина Шклярова
***
Божа-Божухна,
Свет прыгожы:
Грыбы-ягады,
Гай ля Сожа.
А за гаем луг,
Даль вячэрняя,
Дзе каталася
На арэлях я.
З любым голасна
Пераклікалася,
Абдымалася,
Цалавалася.
Потым стала я
Парадзіхаю,
Ды прачнулася
На свеце ліха.
Над  дзіцёнкам
Кружыла коршунам,
Ах, ты Божа мой,
Божа-Божухна!
Я чакала ад Бога
Літасці,
Я прасіла людзей:
-Маліцеся!
Паглядзеў
 Аднойчы  ў вочы
Са старое іконы
Ойча.
Пажадаў  Ён
Мне  добрай ночы,
Толькві ліха
Заснуць не хоча.
Паляцела
У даль вячэрнюю,
І катаецца
На арэлях…   

І трывожна мне,
І моташна.
Ах, ты Божа мой,
Божа-Божухна!
Хоць і вырасла
Даўно дзіцятка,
Рукі, ногі –
Усё ў парадку.
Толькі ў лёсе вось
Непаладкі:
Ні буслянкі,
Ні немаўлятка.
Пастаралася добра
Ліха
Само сталася
Парадзіхаю.
 Разрадзілася ў небе
Пошугам,
Над Чарнобылем
Чорным коршунам,   
Разгайдала 
Жыцця арэлі
Скаланулася
Даль вячэрняя!
Пераблытала
Дні і ночы,
Зацярушыла
Твар і вочы.
Грыбы-ягады,
Лісцік кожны…
Ах, ты, Божа мой,
Божа-Божухна!   

І ўсё ж птушкі
Дамоў вяртаюцца…
І малітаўка
Белай чаіцай
Да анёла ляціць…
І коцікі
На галінках вярбы
Лагодзяцца!
Ах, святая мая
Багародзіца!
Немаўлятка няхай
Народзіцца,
Хоць і моташна.
І трывожна…
Ах ты, Божа мой,
Божа-Божухна!