Серабро

Нина Шклярова
Серабро

Серабро, серабро — на далонь!..
Серабрыцца на сонцы рака,
У рацэ той купаецца конь,
Мые ногі свае асака.
Адвячоркам, як толькі агні
Адплывуць па вадзе ўдалячынь,
Ажывае ў начной цішыні
Шляху Млечнага зорная плынь.
Серабром, серабром, серабром
Заінеліся скроні мае.
І ад гэтых ад зорных вятроў
Серабрыцца лядок на траве.
На вяселлі сярэбраным лёд
Ад любові дваіх растае.
І сагрэты каханнем народ
Весяліцца, танцуе, пяе.
Серабро, серабро, серабро…
Залацістага вэлюму дым…
Залатое маё ўсё дабро —
Маладым, маладым, маладым!
Серабро, серабро — ды ў агонь!
Шляху Млечнага льецца рака.
Зачакаўся на беразе конь,
Рэжа ногі мае асака.