Месяц, нибыта манах...

Нина Шклярова
* * *
Кірылу Тураўскаму

Месяц, нібыта манах, усю ночку
Свечкі запальваў у высях…
Перад іконай старой у куточку
Хлопчык маліўся.
Воін паранены падаў у росы,
Крык у бары заблудзіўся…
А ў царкве, не хаваючы слёзы,
Хлопчык маліўся.
Хорам птушыным азваўся садочак,
Промні ў німбе зліліся.
У азарэнні святым, на куточак
Хлопчык маліўся.
Час праляцеў, нібы жораў над плёсам,
Дні, быццам конніца, — рыссю.
А ў царкве на каленях узнёсла
Хлопец маліўся.
Бойкі сціхалі, збываліся мары,
Недзе хваробы звяліся.
Гэта мужчына з прасветленым тварам
Богу маліўся.
Крыжык каменны прарос у нябёсы,
Кажуць, вылечвае быццам…
Ходзяць малыя туды і дарослыя,
Каб пакланіцца.
Пад купаламі спяваюць анёлы,
Служба ў царкве, як калісьці…
Перад старою іконай натхнёна,
Ты памаліся.