Палессе

Нина Шклярова
На карце рэкі і азёры –
Цудоўны наш Палесскі край!
Навошта горы нам і мора,
Калі ёсць Прыпяць і Чачора,
Дняпро і Сож, ну, чым не рай?

Грыбоў і ягад не злічыць тут,
Як іншы раз і камароў!
Тут нельга злым быць і сярдзітым,
Тым болей, нельга быць бандытам,
Каб не застацца без сяброў.

Ракой і сцежкай знітаваны,
І каранямі кожны гай.
Парой Чарнобыль ные ранай,
Ды мы жывём, п’ём, як звычайна,
Настоены на зёлках чай.

Ён ад любой хваробы лечыць
І ад напасці гэтай злой…
Перад Палессем чалавечнасць,
І нават гаспадыня Вечнасць
Панікла з голай галавой.

Перад якою свет галовы
Свае схіляе, ды не мы.
Бо паляшук свой край на новы,
Няхай сабе і адмысловы,
Не зменіць, покуль ён жывы.