Пане Каханку

Ярослав Потоцкий
           ПАНЕ КАХАНКУ,
               альбо
Нарысы пачатковай гісторыі Белай і Чорнай Русі,
   пачутыя Каралем Станіславам Радзівілам
   пры незвычайных (як і ўсё ў яго жыцці)
            абставінах.

Уявіце: вы – здань, вас не бачыць ніхто,
Ад вас на’т пацук не залежыць.
Блукаеце ў залах, гукаеце сто
Разоў, быццам так і належыць.

Як быццам птушынага зваць караля
Вы мусіце, роўна зязюля,
Але ж не дай Бог згуртавання галля –
Ад гэтага ўсе тут паснулі,

Хто, годны, застаўся палац бараніць
Не толькі князёў Радзівілаў,
Але – усю Айчыну, што ўпарта стаіць –
Няхай на’т кароль і пакінуў

Яе на расправу. Але ж не кароль
На гэтай зямлі валадарыў,
А – Караль! Таму ж, ты, Радзіма, дазволь
Уцерці слязу з твайго твару,

Дазволь паратунак прывабіць табе,
Калі мураваныя сцены
Ўжо не замінаюць гарэзнай ганьбе,
Ужо з цяжкасцю ўбухваюць вены,

Крывёю апошняю душу ўтрымаць
Імкнуцца праз безліч змаганняў.
Але хіба здолеюць разам устаць
У шэраг, да зброі – усе здані?..
Не, Караль – не здань… І калі б Радзівіл
Мог нават Радзіму пакінуць,
Тады б нават Рай яму стаўся не міл,
Тады б разам з Юдай ён згінуць

Належыў, як Дантэ апісваў той круг
У Азде, дзе Здраднік убіўся…
Але, пакуль ёсць галава й пара рук –
Усе зведаюць, што не забыўся

Караль Станіслаў Радзівіл на свой доўг,
Што варты ён, Пане Каханку,
Жыццё за Радзіму аддаць, і што рок
Ён з’есці на снеданне, зранку. 

Ускінуўся ён ды бадзёра гукнуў,
Аж рэха пайшло па скляпеннях,
Ды, быццам у адказ, у глыбіні мільгатнуў
Агеньчык у імшэлых каменнях.

І, роўна ад рэха, пачаў набухаць –
Ён убачыў, што той набліжаўся,
“Ці то дамавік йдзе мяне сустракаць?” –
Шчасліва Караль рассмяяўся.

“Пан яснавельможны! Хіба то не сон?! –
Цень усклікнуў са змроку скляпенняў. –
Ці я перажыў шматгадовы праклён?”
І – перад паном на калені

Ўпаў стары слуга. “Гэта ты, мажардом?
Узніміся ж, мой пане каханку!
Калі ты жывы, то й жывы і мой дом…
А што, ці не час для сняданку?”

“Канечне, мой княжа, я мігам на стол
Чагосьці збяру, але хіба
Адзін ты прыйшоў? Дай мне толькі дазвол –
Як кіну я кліч, ды й сядзіба

Абернецца ззяннем святочных агней…,
Канечне, наколькі магчыма…”,
І князь здагадаўся па трасцы плячэй,
Што плача стары. “Памаўчыма,

Паплачма, мой дружа. Я сам гэты час –
Апоўначы – выбраў, каб у замку
З’явіцца, бо была б нязносна за раз,
У лагодным і ветлівым ранку,

Убачыць той жах, што мой дом ахапіў,
Схіліцца пад болем руінаў…
Я безліч разоў як вяртаюся, сніў!
І – бачу: мой дом не загінуў!

Спытаўся ты, сябра, адзін я хіба
Вярнуўся, як той небарака?
Не, дружа, імкне баявая труба
Рэйтарскія войскі да замку.

Яны, ды мае баявыя сябры –
Сыны непахіснага Княства,
Усе, хто не баіцца загінуць у віры,
Усе тыя, каму Гаспадарства –

Не проста краіна, ці сродкаў абшар,
З якога б, бы кнур, харчавацца…
Зямля та ад Бога даецца не ў дар:
Павінныя мы намагацца

Ўзрасціць ды ўзняць, што пасеяў наш Пан –
Зярнё, што анёлы гадуюць,
Гнаць тых, хто спаліць ушчэнт імкнецца свіран!
А, будзе, часы спатрабуюць –

Так стацца ўгнаеннем павінен мець пыл,
Загінуць дзеля тае нівы,
Што ўзнімецца некалі ў Госпада Сіл…
Ну, дружа, а кухар ці жывы?”

“Ах, пане, дражэнькі, забілі… Я сам,
Я зараз. Хадзем жа да залы”
І, не даючы зноў прарвацца слязам,
Стары ўспамінаў, як навалы

Накатвалі хвалі, як войскі ішлі,
Раўнуючы усё ў папялічшы,
Як, узяушы палац, крыважэрна раўлі,
Прыгожасць імкнучыся знішчыць.

Агеньчык на каліве ззяў каганца,
Хістаўся, але ўсё ж трывала
Імкнуўся змагацца з цямром да канца.
Апошні прыступак і – зала:

Правалены дах, аніякіх карцін,
Ні зброі, ні рогаў аленяў.
Але ж – вось так дзіва! Вялізны камін
Прэч безліч раскідвае ценяў.

Імкліва і страшна – бы велічны зубр
На зграю ваўкоў нападае,
Бы коршун раскідвае вывадак кур –
Так полымя ў гонары ззяе.

З ім побач бы вырас стары мажардом
У волата-духа фамільі.
Падкінуў палена кацюбы круком,
І яскі яго ахапілі.

“Я вогнішча гэта працягваў паліць
Пасля той вайны векапомнай.
Каб, згінуўшы, сябры з нябёсаў сачыць
Маглі, а з марвеці бяздоннай –

Усе, хто сустрэўся з літоўскім лязом…
Чакай, пан, я хутка – ў камору…”
Застаўшыся, князь параўняўся з вакном,
Наўмысна зіраючы ўгору.

Асвечаны вогненным зубрам, у сцяне
Быў выбіты у дзікім каменні
Найгоднейшы герб, што здабыты ў стране
Прытулку Святога Скляпення,

Калі найвялікшы з іх роду князёў
Здабыў яго ў веры ды ў буры,
У пакорстве прыйшоў да духоўных братоў –   
Да рыцараў Sancti Sepulchri.

Пасля пілігрымкі, натхнёны крыжом,
Прамовіў прароцтва Сіротка:
“Калі цемра ўб’ецца кусачам вужом,
Калі стане крыўдна ды горка,

Той герб уратуе і нашу сям’ю,
І нашую маці-краіну:
Раскрые ён велькую праўду сваю.
Так дбайце ж, каб край не загінуў!”

Углядаецца пільна задумлівы князь
У крыж той іерусалімскі:
Ніякіх адмецін, ніякая вязь
Яго не тлумачыць на’т блізка…

У чым жа разгадка? Як тайну раскрыць?
Хто б усё дапамог гэта ўцяміць!
Той час надыйшоў: праўдзе – жыць ці не жыць…
Але – думкам тым валадарыць

Не сталася часу, бо ў залу ўзышоў
Мажардом – аж ня бачна старога
Было з-за бутэлек, каўбас, кумпякоў.
“От шэльма! Скажы ж ты! Аблога,

Відаць, не пазбавіла скарбаў цябе!” –
Скрозь рогат аж слёзы прашыблі.
“Жартуеш усё, княжа… У якойсь барацьбе
Шляхціцы хоць колісь здабылі

Хоць нейкую славу на пусты жывот?
Не, лёс скарб мой цэлым пакінуў!”
Жагнаючысь на старасветны ківот,
Князь сеў да стала ля каміну. 

“Якая вячэра! Такой не было:
І зала з камінам, і неба,
І вернага, шчырага сябра цяпло…
Глядзіш – і падзякаваць трэба

За то супастатам!” – усмехваўся пан,
А звонку, з разбураных стрэхаў
Глядзелі сузор’і ды Войскавы Стан…
А разам раптоўнае рэха

Грымнула, аж ускочыў, схапіўшыся, князь
За пару пістоляў. Аднак жа
То быў мажардом, і –  “Даруй, пан, якась
Бутэлька найцяжкая” – кажа.

“Аднак жа вялізная, быццам той збан!
Відаць, пра яе я забыўся –
Стаяла ў капліцы, відаць, хто ў свіран
Адносіў яе – то й напіўся!

Ну, княжа, твой келіх я зараз знайду,
Мяркую, тут добрая старка!”
Раптоўна стары ўхапіў бараду,
Адскочыўшы з лямантам шпарка.

Князь глянуў на бутлю – ды ўраз анямеў,
Ды потым – як конь зарагоча:
У бутэльцы нячысцік панура сядзеў,
На неба ўставіўшы вочы.

“З пары той мінула з паўтузіну год,
А, можа быць, нават і болей.
Уяўляю сабе, даражэнькі мой чорт,
Як дужа ты прагнуў на волю!”
 
“Даруй, пан – збянтэжана мовіў стары, -
Не памятаю гэткай штукі…”
“Як мог ты забыцца? А летняй пары
Мне ўцяміла ў пушчу ад скукі

Падацца. Эх, як я любіў паляваць
У сэрцы дуброў – у Налібоках:
Уверсе – ледзь кроны паволі шумяць,
Пад імі ж, ледзь ухопіцца вока –

Амаль не паспееш угледзець, як хорт
Імкнецца, бы куля, да дзічы…
А што, ці не думаў ты, вашамосць чорт,
Што зробішся хорта здабычай?”

Нячысцік усё моўчкі на неба глядзеў,
Як быццам сачыў за Стажарам.
“Мой сябра, ты келіх, здаецца, хацеў
Напоўніць мне Бахуса ўзварам!”

Пакуль сутарыўся стары мажардом,
Князь ухвальваў прысмакаў духмянасць.
“Дык вось, хто ў мяне быў найлепшым хартом,
Сказаць не бяруся, бо дбайнасць

Усе мелі, аднак адна пара была
Такою, што зроду не бачыў –
То Юлі ды Кесар, гаворка ішла
Аб іх у свеце ўсім, не іначай!

У той дзень упалявалі, здаецца, дзіка,
Ды раптам я бачу, як хорты
Разгублена сталі. Ад іх жа ўцякаў
Не іншы хто, як гэты чорта.

Ату яго! – клічу. Не зналі параз
Ні Юлі, ні Кесар, і прыткі
Які б ні быў чорт, а амаль у той жа час
Злавілі трафей гэты брыдкі.

Але хіба ж варта, каб загнаны дзік
У гушчары схаваўся ад зграі?
А каб гэты чорт куды-небудзь не знік,
Яго ў бутэльку параіў

З вадою святою замкнуць базыльян –
Той самы, з кім разам змагаўся
Я супраць навалы… Дык, вось, у гэты збан
Яго ўмураваў ды падаўся

За зграяй маёю ды моцным дзіком.
А потым, здаецца, забыўся
Пра гэты трафей. А пасля, мажардом,
Ты ведаеш, с кім я ўжо біўся –

З якою нячыстаю сілай, і як
Я мусіў тады адступіцца
Ад роднага краю, і быццам сабак
Нас гналі… Аднак жа скарыцца

Не мусіў. І вось – я нарэшце прыйшоў,
З выгнання дадому вярнуўся.
Я ў роднай зямлі, і зноў супраць ваўкоў
Я з мечам ў руцэ павярнуся!” 
 
Сціх князь у задуменні. Маўчаў мажардом.
Ні рэха, ні ветру, і толькі
Зубр-волат нястрымана біў капытом
У каміне, пачуўшы пра воўкі…

“Ну, досыць ужо суму. Аднак, шэсць гадоў
Без ежы – не жарт, як здаецца.
Ты, пане каханку, ад тых кумпякоў
Адрэж, ды налі, каб сагрэцца,

Гарбаты ды старкі, ды госця пакліч
За стол, не мардуй небараку.
Хаця, я ж забыўся, не можа той зніч
Вызваліцца з гэтага збанку.

Ды зараз адчынім…” Але у той жа час,
Без нейкай на то дапамогі
Нячысцік праз рыльца бутэлькі як раз
Узвіўся, ды, уцяміўшы рогі

Ў самую столь, у два імгненні паспеў
Па зале ўздоўж праімчацца,
Ды ў тую ж хвіліну ў фатэлю ўляцеў,
Ледзь служка паспеў напужацца.

Здзіўлення свайго Радзівіл не хаваў:
“Дык ты мог у хвіліну любую
Палону пазбавіцца?!” Чорт памаўчаў,
Ды кажа: “Калі я ў святую

Ваду быў пасаджаны, моцная злосць
Гнабіла мяне, грызла, выла,
Я прагнуў раздзерці тваю ягамосць,
На тое б мязенца хапіла.      

Што далей – то й горш: самы той базыльян
Бутэльку прыцягнуў у капліцу,
Ды ў кожнай начы, быццам той істукан,
Стаяў там, прышэд памаліцца.

Аб чым ён маліўся – не ведаў, ня чуў,
Але зараз усё разумею:
Аднойчы – “Апокатастасіс” пачуў…
Год з года – ліхую завею

Пачуццяў пякельных заўжды адчуваў,
Улетку ды ўзімку – бясконца
Цягнуўся мой час… А калі ачуняў –
Не ведаю. Быццам бы сонца

Убачыў, весь свет – быццам ў новым святле.
Ды іншымі сталіся мары.
Тады адчыніліся брамы ў шкле –
Ужо мог я сягнуць на абшары,

Аднак не спяшаўся, не ведаў – чаму,
Здаецца, што новую мэту
Я новаму жыццю адшукваў свайму,
Ды раптам – ты, князь, з пісталетам”, -

Усміхнуўся нячысцік. “Але ж, каб не ты,
Не здарылася б тое цуда.
Хаця я не ўладны авдесці бяды,
Але ж няўдзячным не буду…

Я бачыў напружаны, доўгі пагляд,
Якім ты сачыў за крэсамі
Крыжоў йрусалімскіх, чакаўшы парад
Аднекуль. Калі ж той, з вусамі” –

Нячысцік усміхнуўся, - “Не будзе пужаць
Жалезнай кацюбай страшэннай,
Магчыма, я штосьці патраплю дадаць.”
Князь глянуў на служку. Той, гнеўна

Схапіўшы кацюбу, варожа пыхтаў,
Утрапіўшыся пільным вокам.
“Мой дружа! Пакуль я цябе не спытаў –
Пакінь тую зброю. Я крокам

Няпэўным імкну ў таямніцу прайсці,
Паслухаю ж нашага госця”.
Тады той прымусіў сябе адыйсці,
Балбочучы грознае штосьці

Ў адрэс нячыстага. Пан перавёў
Прыязнае вока ад служкі,
Ды стаўся сур’ёзным. “Шэсць соцень гадоў
Таму гасцяваў у свайго дружкі

Я у Ерусаліме”, - аповяд пачаў
Нячысцік. – “Цяпер, у капліцы,
Прыйшоў мне на памяць, прызнацца, праняў
Мяне яго дух… У той вязніцы” –

Кіўнуў на бутэльку, - “У безліч гадзін,
Шмат думак было, адчуванняў
Шчэ больш – не тлумачыў нішто бернардзін:
Дух жывіць… Таму тлумачанняў

Ты, князь, не чакай, здагадаешся сам,
Што значыць той герб для краіны,
А не – у тым выпадку Сіроткі касцям
Прыйдзецца паўстаць з дамавіны,

Каб крышку нашчадка свайго павучыць.
Ну, будзе, васпане, не злуйся –
Жартую крыху… Я табе ўручыць
Аповяд таемны бяруся.
 
Хачу распавесці ў аповядзе тым
Аб лёсавызначных падзеях,
Калі гэты край быў яшчэ маладым,
Аб марах яго ды надзеях,

Аб тым, что нашчадкі яго ўратаваць
Шчэ могуць, калі схамянуцца,
Аб тым, што на могілках трэба хаваць,
Як не пажадаюць прачнуцца.

Аб першых сынах бласлаўлёнай зямлі,
Аб першых святых ды героях,
Аб тым, што яны ўцелаісціць змаглі,
Што толькі схавана ў мроях”.

Пугач дзесьці ўхаў, праскокваў кажан,
Ды зніч, быццам срэбраны жолуд,
Упала. Наблізіўся Войскавы Стан,
Сцішэў у каміне зубр-волат.

“У даўніне, у лесе заслаўскім адным –
Дакладней сказаць не бяруся –
Пад небам найсветлым, у гушчары глухім
Зямлі, што завуць Чорнай Руссю,

Тулілася сціплая хатка адна,
Ніхто аб ёй нават не ведаў.
У той хатцы свій подзвіг здзяйсняла яна –
Святая князёўна Рагнеда. 

Ужо загаіўся той жудасны час
Аблогі сталіцы, забойства
Сям’і Ўладзімірам. Ужо нават згас
Агонь, што ўзняў на геройства

Адпомсціць гвалтоўцу ды ўзняць востры корд.
Ужо дзеткі – гуллівае птаства –
Дабрыняй забраныя, што, быцам хорт,
Без сна пільнаваў гаспадарства.

Ужо Ўладзімір паслухаць паспеў
Прамоўцаў багоў, ды спыніўся
Усё ж перад Хрыстом. Але ці зразумеў
Ён Слова, якому маліўся?..

Прыняў літаральна “не мір, але меч”,
Што “літара губіць” – не ўцяміў,
І была ўся Русь быццам кінута ў печ –
І Кіеў і Ноўгарад. Зграяў

Драпежных дружын не пазбегла зямля
І Белай Русі – Полацк мусіў
Зноў лёс свой гаротны аплакваць пасля
Таго, як Дабрыня пратрусіў,

Бы люты ваўчура, скрозь кон жыхароў,
Загад несучы ад кагана,
Пакінуўшы ўрэшце бясконца крыжоў
На шыях, або – на курганах…

Так ён дадрапежыў да Чорнай Русі,
Яцвягаў ды жмудзі сакрэты
Хаваўшай. “Ну, дзядзька, пацеш – прынясі
Мне звестку пра гібель Рагнеды”, -

Наказваў Ўладзімір, кранаючы шрам,
Што ледзь закранаў яго сэрца.
У той час, каб князёўну не выкінуць псам,
Стрымаў яго ледзь аднаверца

Найноўшы – з’явіўшыся, строгі біскуп
Забіць забароніў князёўну,
З тых пор быццам Варган грудкі яму скуб.
Ды зараз ён вырашыў поўну

Браціну салодкае помсты чарпнуць,
Бо ведаў – разлік не спраўдзіўся,
Што дзікія жмуды Рагнеду забьюць,
Калі яе распарадзіўся

Пастрыгчы ў чарніцы ды звесці ў гушчар –
Драпежным аддаць Налібокам.
Не ведаў каган, што адрыў ёй абшар –
Паверыла новым прарокам

Князёўна, той біскуп запаў у душу ёй,
Але не знайшла супярэчча
Яна між Хрыстом ды любоўю былой:
Істотаў супольнае веча

Адзінага Гаспадара набыло,
Для кожнага – вольная воля:
Прыняць альбо не, і сумленне вяло
Да выбара ўсіх ў наваколлі –

Ці быў то нячысцік, ці то чалавек,
Ці дух, ці бажок, ці русалка.
Заступства – вось што ёй запала навек.
З пары тае сціплая хатка

Прытулкам сталася для кожнага, хто
Заступства шукаў, дапамогі:
Кранаць ані важыўся аніхто
Тую хатку – ні людзі, ні богі. 

Аднойчы я бачыў - галодны кадук
Маленькую гоніць жмудзінку,
А ўзнікла Рагнеда – дык ён, бы пацук,
Паскочыў да багны, дзяўчынку

Яна перадала найхутка ў сям’ю.
У другі ж раз я бачыў такое:
Жмудзіны, не збыўшыя помсту сваю,
З кіямі ды з жудасным воем

Гналі небараку – таго ж кадука,
Той з енкам ды лямантам скочыў
Пад ногі Рагнедзе. Князёўны рука
Ды цвёрдыя ясныя вочы

Збянтэжылі збойцаў. Няўпэўнена жмудзь
Ад хаткі тае адступала.
Пакуль жа пачвара не здолеў заснуць –
Яна ўсё яго суцяшала.

Такія вось цуды здараліся там –
Я бачыў на ўласныя вочы!
Для ўсіх гэта быў міласэрнасці храм,
Пад крохкай рукою дзявочай…

Сярод разнастайных дзівосаў усіх,
Што Чорную Русь ухвалялі,
У той час адбылося, што неякі мніх
З краёў, пра якія казалі,

Што, быццам, там троляў ды эльфаў зашмат, 
З’явіўся тады ў Налібоках.
Я бачыў манахаў, але ж гэты брат
Быў годным лічыцца ў прароках…

Мянушку яму надалі Звералоў –
Пустэльнік той мог паспрачацца
У сяброўствах са звер’ем з любым з лесуноў,
Але ж не дай Бог з ім спаткацца

Нікому, хто дзіду не мог утрымаць
Ад лішняга ўпалявання:
Не ведаю ўжо, чым ён мог напужаць,
Але лоўчы бег да спаткання

З паселішчам родным. Так ён ратаваў
Звяроў па ўсім лесе шырокім.
Не ведаю, кажуць, што ён сябраваў
Ажно нават з вогневым цмокам. 

Аднойчы ён змог зубранё ўратаваць –
Ягоную матку паспелі
Забіць паляўнічыя, ды ім уцякаць
Прыйшлося, аж шчэпы ляцелі:

Тады разышоўся стары не на жарт…
З тых дзён гадаваў ён малога,
Пакуль той не узрос, ды настолькі, што хат
Мог стрэхі счапіць злёгку рогам.

Ды так прысучыўся да збаўцы свайго –
Пракладваў у гушчарах дарогі,
А потым вазіў на закорках яго,
Калі ўжо змучылі ногі

Ад годаў цяжару. Яшчэ ж быў адзін
Заўжды спадарожнік у мніха –
Груган, што над лесам выглядваў навін:
Праз хвілі якоесьці ліха

Вядомым ставалася старцу, і вось –
Ужо зубр праз гучшар прадзіраўся…
Калі ж не было небяспекі, ды скрозь
Зялёнае лісце хаваўся

Ў травах лясных, адкрываючы зрок
Ласёў на смачныя грыбніцы,
Санечны прамень; калі трусавы скок
Дражніў апавохнасць лісіцы;

Калі ўсе зязюлі у няспыннай журбе
Самотна закліквалі Кука;
Ды мядзвядзеняты ў шчырой барацьбе
Не чулі дзятловага грука,

Пад ветрыкам ветлым, сярод васількоў
Ды мятлікаў у зёлках паляны
Манах пачынаў з ціхіх ветлівых слоў
Аповяд глыбокі, старанны.

Аб чым ён казаў – я не ведаў, не чуў:
Ніколі не быў там я блізка.
Але ж той аповяд істотаў крануў
Багата – нібы той Асізскі

Францыск, што пазней гэтаксам размаўляў
З жывёламі ды з вольным птаствам,
Так і Звералоў душу звера кранаў
Якімсці таемным хараствам –

І птушак і звера збіраўся натоўп,
Былі нават воўчыя зграі.
Але хоць на кога ашчэрыўся хто б…
Спраўдзілася слова Ісаі!

Каб цалкам усе цуды зямлі паказаць,
Не стане ні ночы, ні тыдня –
А час надышоў ужо вам расказаць,
Як гэтую землю Дабрыня

Збіраўся пажэрці жалезным агнём,
Як быццам бы дбаў аб хрышчэнні.
Ты ж бачыш – працяты святым прамянём
Той край ужо быў... На’т каменні

На Чорнай Русі былі значна мягчэй,
Чымсь сэрцы памочных кагана”.
“О, будзь баслаўлёны зрок нечых вачэй,
Што ўбачылі то беззаганна! –

Князь усклікнуў. – Аб гэтым жа кажа і герб
Наваградка – першай сталіцы:
Там чорная постаць, нібыта Эрэб,
З вагамі ды з мечам у правіцы,

Але за спіною – два белых крыла
Ахоўцы нябёс – арханёла!”.
“Ды вось на ахоўцаў тых хмара ішла, -
Працягаваў чорт невясёла, -

Дабрыня склікаў безліч войска на іх –
Варагаў, і чудзь, і славянаў,
Не бачыў я больш крыважэрцаў ліхіх.
Дым з вогнішчаў гэтага стану

Зацяў акаёмы. Дабрыня падвёў
Усё войска да Нёмана водаў,
І ўзняліся ў неба, мо, сотні буслоў,
І ўзняліся сотні народаў.

Нальшчаны, дайнова, жмудзіны, літва,
Галінды, яцвягі ды куршы,
Ды іншых багата – бы ўвесну трава –
Сыны ўсё бясконцае пушчы.
   
Але ж і Дабрыня не дзеўчын набраў:
У войске – усе лютыя воі,
Наўрад ці б іх вораг якісь напужаў,
Каб нават адныя героі

Ім супрацьстаялі б. Скрозь шчыльнай сцяной
Над Нёманам войска застыла
Напружана. Толькі хацеў булавой
Дабрыня даць знак, каб уся сіла

Навалай імклівай на ворага йшла,
Адное пакінуўшы выйсце –
Магілу. І, быццам намеру хвала,
Пачулася доўгае выцце:

Ад леса вялізная зграя ваўкоў
Ў вышчары йшла, а за імі
Рыў ікламі дзёрн цэлы статак дзікоў,
Мядзведзі – усцяж за ўсімі.

Наперадзе ж, быццам ажыўшы курган,
Зубр крочыў, ледзь стрымана рыкаў.
На ім – Звералоў, і ўверсе – груган
Усё новых звяроў у бітву склікваў.
 
Дабрыня пакуль што ўзнімаў булаву –
Прытрымліваў рух свайго стана,
А як у іншы бок адвярнуў галаву,
Самлеў разам дзядзька кагана.

Па Нёмана водах агеньчык блукаў,
Калі ж ён да войска падскочыў,
Агонь усхамянуўся ды ўшчэнт напужаў
Канёў. “Барані мае вочы!

То – жыж!” –  пажагнаўся ваяка стары,
Ды ўдалеч указваў Дабрыні:
На Нёмне русалкі круцілі віры,
Скакалі па беразе злыдні. 

Па ўзгоркавым схіле ішлі ледзь не ўсе
Таемнага свету істоты –
З азёраў, гаёў – па бліскучай расе,
З’яднаны агульнай турботай.

А ў ранішніх промнях, на самым грудку,
Усіх дбаючы матчыным зрокам,
Князёўна Рагнеда ўзнімала руку,
Святары збянтэжаным вокам

Глядзелі са стану Дабрыні на крыж,
Што ўзняўся наверсе пагорку,
Хто чэсны, той, пэўна, падумаў: “Які ж
Ёсць сэнс ў тым паходзе? Ці зорку

Яскравую гэтую мусьма згасіць?!”
Два-тры нават кінулі войска,
То бачыў Дабрыня, і цяжка знасіць
Было яму гэта: геройскай

Та справа павінна была выглядаць.
Яшчэ ён хвіліну вагаўся,
Ды, сціснуўшы зубы, усё ж мусіў аддаць
Загад адступаць. Намагаўся

Ён з гонарам, грозна павесці свой стан,
Ды – дзе там! Спужаліся воі
Ўсіх гэткіх дзівоцтваў… Мяркую – каган
Наўрад ці спяшаўся ў героі

Дабрыню ўзвесці пасля гэткіх спраў,
Ды гэта ўжо мне невядома…
Адное дакладна – ў той час ярка ззяў
Прамень блаславення над домам

Усіх вольных народаў. Яшчэ доўгі час
Русь Чорная была прытулкам
Для ўсіх, хто пакрыўджаны…” “Й зарас не згас, -
Азваўся князь голасам гулкім, -

Свет добрае ласкі, вітаюць з якой
У зямлі гэтай гнанага ўсюды.
Стагоддзямі людзі з любою бядой
Ідуць з спадзяваннем на цуды

Святла ды сумлення, знаходзяць іх тут
Юдзеі, хлысты, мусульмане,
Ды на’т пратэстанты, і ўвесь гэты люд
Йшоў з земляў Расеі, Германьі,

З Гішпаніі, Грэц’і, ды нават з Арды –
Не выдалі мы анікога!
Хаця і падзяка была не заўжды…
Ды што ж, не саромна прад Богам

Затое”. “На’т, мабыць, занадта для ўсіх
Тут волі? Бо нават цыганам
Ты даў каралеўства на землях сваіх! –
Бурчэў мажардом. – Гэткім станам

Ці хопіць зямлі…” “Ну, не лайся, стары,
Ты ж ведаеш, пане каханку,
Што – будзь то ў Нясвіжы, ці то ў Міры,
Ці ў іншых краях – абяцанку

Майму цвёрда быць: я наказваў, каб усім,
Хто ў сховішчы мае патрэбу,
Знаходзіўся б тут Новы Ерусалім…”
Князь змоўк і свой позірк да гербу

Крыжа Йрусалімскага пільна імкнуў
У здзіўленні. На’т чорт засмяяўся:
“Так, князь, ад сябе ж ты разгадку й пачуў,
Нарэшце аб усім здагадаўся.

Квітнее той крыж на радзіме тваёй,
Яшчэ з старадаўніх стагоддзяў,
І будзе, калі захаваецца ў ёй
Той Дух… Ну, вашмосць, ужо годзе –

Ужо час мне вяртацца. Бо вораг і ў нас
Разбэсціўся – паліць ды губіць
Лясы ды істотаў…” “Так, цяжкі наш час,
Прадбачу – той вораг разрубіць

Краіну святую…” “Што ж, нават і так,
Хіба ты не памяташ Слова –
Не бойся таго, хто не зможа ніяк
Забіць дух. Калісьці ж нанова

Той дух адрадзіць бласлаўлёны той край.
А зараз: наш шлях – перед намі!
Прабач, мажардом, што спужаў. Князь, бывай!
Якімі бы мы ланцугамі

Ні былі скаваныя, верны наш лёс –
То воля ды вечнае неба”.
І той, што быў чортам, да зорных нябёс
Памкнуўся… “Што ж, дружа мой, трэба, -

Узняўся Каханку, - Збірацца і мне –
Ужо, пэўна, сябры ў наваколлі.
Быць можа, прайграем мы ў гэтай вайне,
Быць можа… А здрадзіць – ніколі!”

Узяў меч Радзівіл, да герба падышоў
І моўчкі крыжу пакланіўся,
Ды знік у начы. І калі надышоў
Ужо ранак, ўсё так жа туліўся

Ў старога каміна сівы мажардом
Падкладваў усё зноўку паленне,
Ды ўсё размаўляў ён з магутным зубром
Пра гібель. І пра ўваскрашэнне.