когда на этом свете и на том

Анастасия Котюргина
Калі на гэтым свеце і на тым
мяне не будзе – ён адкіне шторы,               
і як вада, што адхварэла штормам,
размые сонца пыльныя куты,
ўсё спараджая праз аб’ёмы й формы
(і дасць ім фору).
                Ты не наракай:
з відушчаю атрутай крыватолкаў
выходжу я з жывога крыватоку –
ільдзінкамі так плакаў вечны Кай.
А ты па мне не плачаш – бо што толку…

І толькі тут – маўчанне і святло,
ды ямачка салодкая у прынца
на падбародку…
                Адмывае тло
ўсёй памяці яго адзіны прынцып:
ён проста не кахае, што было…

“А ці было?” – і слоў глухую сталь
не выплачаш, калі ёй прагна стрэліш.

Перамаўчыш, раздушыш, перамелеш?

Калі мне лёс накажа перастаць –
ў сваім каханні ты мяне сустрэнеш…