Запавет

Василь Гардзиенак
Крупінкі слёз у мінус пяць ці дзесяць
Усё адно не робяцца ільдом.
Мая Зямля сваіх сыноў павесіць,
Змардуе ці прымусіць стаць кратом,
Зарыцца па глыбокіх, брудных норах,
І адрачыся ад саміх сябе,
Зрабіць касцёр на выбітых апорах
І дапаліць на ім сцягі свае,
Дубінкаю пакажа годны выхад,
Дручком пакіне метку на руцэ,
Ты ўчора жыў, а сёння проста выбыў-
Не чалавек, а згублены працэнт...
Ды курс стабільны, толькі спрэчкі ў бойкі
Паволі переходзяць неўпрыкмет,
А спрэчка часам мае нораў бойкі,
На бойню заклікаючы кабет,
Мужоў, сыноў і маладых і сталых,
Зусім старэнькіх і малых дзяцей,
І хто жа марыць аб часах крывавых?
Няўжо іх гэта нават не гняце?!
Чарговую святкуючы паразу,
Народ ухваліць дзеі караля,
І гэта людажэрная праказа
Панішчыць ўсю каманду карабля,
І некалькі матросаў невідушчых
Навобмацак натрапіўшы на плыт,
Праз пару дзён запас вады асушаць,
І мора паглыне іх у нябыт...
Што бачыш ты, калі глядзіш ў сягоння?
Ці бачыш тое, што убачыў я?!
Ці будучыня стала непрыстойнай?
Ці мой прагноз не варты і нуля?
Спакойна разважаць намер не маю,
Тым больш што зараз кожны божы дзень,
Я бачу як мая Зямля канае,
І як катуюць змучаных людзей.
Бездапаможнасць- самы страшны вораг,
Але жа абыякавасць страшней.
І еднасць наша- толькі першы сполах,
І першая маланка ўсё бліжэй!
Грымоты ўдараць, змые бруд дажджамі,
Але дажджы мы нараджаем самі...