Празрыстасць

Ольга Маро
Выбягаю ў змрок зімовым ранкам,
дрыжучы энэргіяй жывой:
пад чырвонай скураной катанкай
захінаю снежна-белы строй.

Прасігналяць гучна і старанна
кветкі на адчайнай галаве;
з-пад муроў, ушчэнт замаляваных,
выпаўзаюць надпісы: жыве!

Віраванне кожнай стужкі тонкай
для мяне вітанне: будзь здароў!
Скрозь відаць стракатыя пагонькі
ў шэрых простакутніках дамоў.

Наша возьме. Прыгажосцю палкай
ды крывёй яскравых зараніц.
Кожны аркуш стане выцінанкай,
згвалтаваны лёзамі нажніц.

Што сцябло ператварыцца ў палю,
прыхаваўшы нораву спярша:
З-пад зялёнай фарбы выліпае
бел-чырвона-белая душа!