Праз учора

Николай Карташевич
Як пройдзе заўтра рэхам гулкім
Па сёньня зморшчанай прасторы,
Дамоў прыеду, каб завулкам
Зноў перанесьціся ва Ўчора.

Там, ля падмурку старой хаты
Успомню век ранейшы жвавы,
Якога зьніклі ў час раскаты,
Той час, са сьмехам і забавай.

Дзяцінства чысты асяродак,
Сяброўствам кладзеныя гаці...
Збанок, карэц драўляны, сподак,
Бліны і бацька, побач маці.

Напоўню з верхам, да краёў
Той збан гліняны ад бабулі
Дзядоўскім шэптам ніў, гаёў
Пра косы звонкія і кулі.

Я чую, помніць Беларусь...
Налью вадзіцы, чыстай гэткай,
У прыгаршч унуку й памалюся,
Так, за цябе, мая ты кветка!