Вясновае

Клавдия Семеновна
Чытаецца апошняя старонка
Аповесці пад назваю "Зіма".
Пара пісацца новай. Нездарма
Спяваюць капяжы ў падстрэшшы звонка.

Сумёт, у тыя ўслухаўшыся песні,
Расплыўся, разамлеў і састарэў.
А неба лье сінечу ў кроны дрэў.
Успухлы лёд не сёння-заўтра трэсне -

Рачулка вольнай хваляй нецярплівай
Спалошча з берагоў сівыя сны.
І ранні госць, вястун-пясняр вясны,
Жаўрук завісне над адталай нівай.

Цяплом запахне ветрыкава крылле.
Засерабрацца вербы ля мяжы.
Зіма сыходзіць. Пішуць капяжы
Эпіграф сакавіцка-весняй былі.