Словы

Ольга Жогло
Мне часам хочацца маўчаць,
Замерці, быццам у нірване,
Ніякіх слоў не вымаўляць,
Каб не прыйшло расчараванне.
 
Складуцца словы тыя ў верш,
Далёка не арыгінальны,
Дзе снег ты снегам назавеш,
Дадаўшы чысты ці крыштальны.

Каханне ўспомніш і любоў,
Радзіму, веру, час, імгненне...
О, колькі мова мае слоў,
Прыгожых, ёмкіх, на здзіўленне!

Яны як дзённае святло,
Як коды да сур'ёзных рэчаў,
Ад іх і холад, і цяпло,
Яны і лечаць, і калечаць.

Паэтам служаць доўгі час,
Ды як, скажы, не паўтарыцца?
Усё напісана- да нас.
Вунь, колькі кніжак на паліцах!

Там словы, там мільёны слоў
Жывуць жыццём бібліятэчным,
Маўчаць пра снег і пра любоў,
А кнігі мараць аб сустрэчах.

Пра гэта ў сне яны крычаць:
-Ну пачытайце нас хто-небудзь!..
Карысна часам памаўчаць
Над добрай кнігай і пад набам.