Такая восень

Ольга Жогло
Думак не злічыць у галаве:
Пра жыццё, краіну, пандэмію...
Вось ужо і шэрань на траве
І вяргіні быццам нежывыя.

Іх вясной садзіла для сябе-
Так люблю пяшчотныя калёсы!
Гінуць прыгажуні ў барацьбе
Па законах кветкавага лёсу.

Як жа мне іх хочацца сагрэць!
Можа, зрэзаць і пастаўлю ў вазу?
Не, наканавана ім згарэць,
За любоў жыццё аддаць адразу.

А за што, краіна, плаціш ты
Дочкамі найлепшымі, сынамі?
Як пазбегнуць віруснай бяды?
Пад якімі крочыць нам сцягамі?

Круціцца сняжынак першых рой,
Як мае пытанні без адказаў:
Хто ёсць пераможца, хто герой
І чаму мы разам і не разам,

І што ў нас не так, не па-людскі?
Хто схаваў адвечны шлях народны:
Не на ўсход і захад-напрасткі,
Гонар не губляючы і годнасць?

Думак незлічона ў галаве,
Усе яны пякучыя, як восы...
Вецер пераменаў - сухавей
Кветку апаліў. Такая восень.