Варожыць лета

Мария Мучинская
Я мару часта, бы ў дзяцiнстве,
Уранку выбегчы з расой.
Пад спеў кружыцца галасiсты,
Якi разносiцца ракой.

Адчуць як лашчыць мае ногi
Лагодна сочная трава,
Духмяны пах, як кружку грога
У дзень святы Хрыста Раства.

Забыцца ўзрост, бы птах на крылах,
Прабегчы басанож праз сад,
Каб кроў па жылах забурлiла…
Вярнуць дзяцiнства час назад.

Абняць бярозку, як сяброўку,
Якую бацька пасадзiў.
З лiсцём, што выткана па шоўку,
Прыпомнiць солад тых гадзiн.

Варожыць лета сваёй ласкай,
Вяртае ў сэрцах успамiн
У шчыры час дзiцячай казкi…
Адметных, радасных часiн!