Летняя казка

Мария Руслановна Шебанец
Пасунься бліжэй, пакладзі галаву на калені,
Дай на вуснах адчую салоную роўнядзь ілба.
Раскажу табе шэптам аб казачным і патаемным,
Покуль вечару будзе са спёкай ісці барацьба.

Хочаш ведаць, чым погляды нашы завабіла поўня?
О, стагоддзямі душы кранае той срэбны ліхтар,
Каб магнітам прыцягваць жывейшыя позіркі сёння
І вяртаць іх назаўтра ў змораны летам абшар.

Ад таго гэтак хораша з вокнаў альбо на шпацыры
Забывацца пра час, разглядаючы вока нябёс,
Што спрадвеку яно набрыняе ад позіркаў шчырых,
Каб і ты далучыўся да белага кола дзівос.

22.06.2021