Цвiк

Мечислав Курилович
 

З цвікарнай прылады дарваўся да ўлады,
на троне поп-зоркай бубніў галаве
пад колісь зубаста-савецкае “надо”,
цяпер пад фанфары рэкорды ўсе б’е.

З цвіком суіцыдным псіхолаг меў справу –
што з воза упала, таго не вярнуць.
У клёку старэчым і злева, і справа
цвікі з да-Хрыстовай эпохі жывуць.

З цвіком містыцызму бязмен не спрачаўся –
навошта бязмену з жалеза жалеза?
А цвік і імперскай галовачцы кляўся:
змагар за свабоду – дзівак паланэза.

З цвіком рай шукалі антыхрысты з  Юдай
і Бог, як маўклівасць, пад назваю люд –
святая бязгрэшнасць у пошуку цудаў
на грэшнай зямельцы і сёння, і тут.

Ноў-хаў у цвікарнай матэрыі Свету
адкрыў нам генсек… І намеснік раве:
“Уся незалежнасць хахлоў ад саветаў
жыве ў незалежнай ад іх галаве!”