Увасабленне

Мария Руслановна Шебанец
Нельга любіць тканіну.
Нельга любіць паперу.
Гэтай зямлі сцяжыны
Я люблю як мужчыну,
Мужчыну, якому веру.

Вось ён стаіць у полі,
Пасвіць лясы ды вёскі,
Лашчыць узгоркі-долы,
А ў далонях - воля,
Моц, супакой і росквіт.

Стыне ў паглядзе неба,
А па плячах - калоссе.
Створаны гэтай глебай,
Ён адмяняе небыт,
Спевы сплятае...
Досыць!

Хутка зірнуў з усмешкай,
Знік, каб ізноў - за працу.

***

Так і іду я пешкі:
Хвалі палёў, узмежкі -
Як тут не закахацца.

11.07.2021
А.