Балючае

Чабарок
Даўно згубіў мой бацька розум
І я губляю пакрысе.
З віной цягнуся ўслед за возам
вясковых бед.         
            Жыву як усе.
Марудна, цяжка ўспрымаю
імклівасць знешніх перамен
і, безнадзейна ўжо, чакаю,
што прынясуць яны ўзамен
спакой.
       І шчасце маіх унукаў
сатрэ з душы гняўлівай жэсць,
нарэшце скончацца ўсе мукі,
ды не ў палаце нумар шэсць.