Беларускiя вусы

Ольга Маро
Крывымі палосамі, рысамі
не зманіш дасведчаны вус.
Я ведаю, што там напісана.
Я ведаю, што тут напісана!
Я ведаю, што ўсюль напісана:
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ.

Не смець беларускага новага
нявечыць прыкмету жыцця!
Я ведаю, што там закрэслена.
Я ведаю, што зашпаклёвана!
Я ведаю, што замалёвана:
Пагоні ляцяць!

Праз хмары з грамамі-гарматамі,
праз межы, муры зіхаціць –
няхай і шчыты з аўтаматамі –
Святло не схаваеш за кратамі;
Святло – пад збанамі пузатымі!
Я ведаю, хто там сядзіць.

Скрыжалі – каменныя статуі;
не перагарнуць, не разбіць:
крывёю палітыя ратнаю.
Маўчаць без віны вінаватыя –
каменне галосіць шурпатае.
Такое няможна забыць!

Праз страты штотрэцяга… пятага…
не вешаць вусоў, змагары!
Вядзе нас любоў памагатага,
сумленне на веру багатага,
братэрства і блізкасць заўзятага:
каторы паўстаў нам з гары.

Каторы паўстаў нам з гары!



Малюнак аўтаркі.