У лесе цiха...

Клавдия Семеновна
У лесе ціха-ціха. Ні вятрынкі.
Духмянай залацістасцю густой
Прыбраны па-святочнаму сцяжынкі
Да бабінага лета. На пастой
Прыняў яго кастрычнік. Пару тыдняў
Гасцінна абяцаў паберагчы
Ад непагадзі, замаразкаў-злыдняў,
Што шастаюць па ўзлесках уначы.
Атулены пяшчотай жаўталістай,
Што дораць шчодра восеньскія дні,
Аж млее бор ад сонцасці іскрыстай,
Ад цёплай светлазарнай цішыні.