Мне зiма здаецца...

Татьяна Цыркунова
Мне зіма здаецца белай птушкай,
Пухам закрывае ўсе палі.
Неман стане ледзяною стужкай,
Цягнуцца сумёты па зямлі.

Па начах бы нехта скавытае,
Загалосіць вецер за сцяной.
Гурбай доўга снег ляжыць, не тае,
Заварожыць белай цаліной.

Дзень зімовы цьмяны ды кароткі,
Сонца зрэдку абласкае зрок.
На снягу каліны бачу кропкі,
Мімаволі  запавольню крок.

Мне зіма здаецца птушкай белай,
Што накрыла чыстым пухам гай.
Птушкай самастойнаю ды смелай,
Не папросіць: «Мне, дапамагай!»