Чараунiцы-вольхi

Татьяна Цыркунова
Чараўніцы-вольхі над вадою,
Пэўна, маюць досыць тут вады.
Цягнуцца раўнюткай чарадою.
Ёсць канал — не ведаюць бяды.

Помню іх малымі хмызнякамі,
Заміналі часта хуткі рух.
Талы снег бруіўся раўчукамі,
Замыкаў прыродны сталы круг.

Як яны цвілі вясною дружна,
Каташкі звісалі над вадой.
Вецярок-свавольнік іх напружваў,
Падалося — вольхі з барадой.

Блізкія да сэрца мне мясціны.
Мілы вобраз бачу скрозь гады.
Край палескі, край адзін-адзіны,
Непаўторны, вечна малады.

Чараўніцы-вольхі над вадою.
Прыгажуні роднае зямлі.
Бачыла даўно вас маладою.
Састарэла я, вы — падраслі.