Вавёрка

Татьяна Цыркунова
Сасна старая на ўзгорку
З вялізнай кронаю стаіць.
На ёй убачылі вавёрку,
Арэхі, мусіць, там таіць.

Ці здолела грыбы пакінуць?
Зіма, вядома ўсім, не жарт.
Цішком дабытак свой прыкінуць...
Гарэза мае добры гарт.

Як гаспадынька гастралюе,
Падрыхтавана да зімы.
Ды добра свой запас пільнуе.
За ёй з усмешкай сочым мы.

Звярок прыгожы, вельмі жвавы,
Калісьці векшай продак зваў.
Ён шустры, здатны да забавы,
Віхурай па сасне лятаў.

Сасна вавёрцы нібы хата,
Галінка кожная — гамак.
Ды шышкамі сасна багата,
Не развітацца з ёй ніяк.