Памiж сосен...

Татьяна Цыркунова
Лізавеце Арцёмаўне Цыркуновай
прысвячаецца...

Паміж сосен бачу
Вузкую сцяжынку,
А на ёй, няйначай, —
Жэўжыкам дзяўчынка.

Распусціла косы,
Нешта напявае.
Ранішнія росы
Дубчыкам збівае.

Ветрык падганяе,
Сонейка смяецца.
Сосны — дружным гаем,
Радуецца сэрца.

А вакол сцяжынкі
Зараснік сунічны.
Вабнасць для дзяўчынкі —
Халадок крынічны.

У далонь — вадзіца,
Асвяжальны досвед.
Чыстая крыніца —
Для дзяўчынкі — дослед.

Паміж сосен ў’ецца
Вузкая сцяжынка...
Падрасла, здаецца,
Родная дзяўчынка...