Чырванашчокая дзяучынка...

Татьяна Цыркунова
Чырванашчокая дзяўчынка
Зацята лепіць бабу з снега.
Між бровак пралягла зморшчынка,
Шары скатала амаль бегам.

Спяшаецца, каб не сцямнела.
«Намаляваўся» памагатый —
Хлапчук, ён хвацкі ды ўмелы.
Казаў: «Цябе ўгледзеў з хаты...

Схапіў я вугаль з цёплай печы,
Дастаў яшчэ з падполу моркву,
Накінуў кажушок на плечы,
Узяў каліны гронку горкай».

Цяпер не трэба хвалявацца,
Удвух наладзілася справа.
Шарам памог усталявацца,
Вядома, хлопчык мае права.

Стаіць не баба, а красуня,
Бялюткая, ды чорны вочы.
З каліны вусны — прыгажуня...
Управіліся — час да ночы...