***

Валерий Познякевич
Я сумую па тым, што дзіцячымі бачыў вачыма.
Там палесскі быў строй: той, які паўтарыць немагчыма.
Андаракі, спадніцы, ды скрозь -- вышыванкі, кашулі.
Мог народ весяліцца і песняю сэрца расчуліць.

А цяпер --  дзе ні глянь -- звар'яцелая, здрадная мода:
Ні крыжа, ні абраза, ні веры, ні мовы народа.
Адзінокі паэт, быццам прывід мінулага часу,
Пазірае на свет, бы ў старую, гліняную вазу.

Апусцела  яна без тых кветак, што радасць дарылі.
О, Айчына! --
Дарма мы з табой ля кастра гаварылі...
У купальскую  ноч не знайшлі сваю папараць-кветку.
Зацвітае яна раз у тысячу год: вельмі рэдка.

Той, хто знойдзе яе -- Беларусь ад праклёну абудзіць.
Заспявае душа і народзяцца шчырыя людзі.
А пакуль -- толькі сны, ды смалістая ў хаце лучына,
І  павевы вясны, што суквеццямі думкі лячыла.

26.01.2020.