З неба падае сняжок

Людмила Воронова Супрун
(Верш для дзяцей)

З неба падае сняжок -
Быццам пух птушыны,
Мабыць хтосьці незнарок
Распароў пярыну.

Пер’е белае ляціць,
Падае да долу.
Срэбрам шэрань зіхаціць - 
Прыгажосць наўкола!

Завіталі птушкі ў сад -
Голадна пярнатым.
Змайстраваў хлапчук Марат
Ім кармушку з татам.

Прылятаюць кожны дзень
Вераб'і, сініцы,
Бо Марат ім корм кладзе.
Ёсць чым пажывіцца!

Лёд на горцы бліскаціць
Клічуць лыжы, санкі...
Снег пад коламі рыпіць,
Бо марозік з ранку.

Надыйшла зімы пара -
Новы год, каляды...
Лепіць снежкі дзетвара,
Не загнаць дахаты.

Як жа хораша ў двары!-
Бель! Аж вочы рэжа!
Гэта зімачка, сябры,
Пашырае межы!