Нарыхтавана сена...

Татьяна Цыркунова
Нарыхтавана сена, морква,
Салома-сечка, буракі.
Зімовы час для зубра горкі,
Карміцца ў полі не з рукі.

Травы няма, яна пад снегам,
Капытам трэба раскапаць.
Зімовы холад злым набегам
Слабенькіх можа затаптаць.

Таму рыхтуецца падкормка
Для тых рэліктавых жывёл.
Напоўніцца прысмакай ёмка —
Зуброў сюды інстынкт прывёў.

А снег прыгожы ды пушысты
На космы доўгія ўпаў.
Ляснік быў дужы ды плячысты,
У яслі сена ўтаптаў.

Кармушка вабіла жывёлу
Даступнасцю ды пахам страў.
Прыйшоў цялок — маленькі, кволы —
Падмацаванне атрымаў.