Гарласты

Валентина Дробышевская
Выйшаў Певень на агляд:
- Спраў ля курніка няшмат.
Кіраўнік я хоць куды!
Перспектыўны, малады!
Што з Квахтухамі тусіць?
Мне пры чыне трэба быць!
Грэбень маю, важнасць маю
І гучней за ўсіх спяваю.
Буду добра кіраваць,
Бо ўмею горла драць.

Думку – у справу. Дзюбу – у дзверы.
Падпісаў усе паперы.
Вось, зацверджаны,  прыйшоў
Ён кіроўцам да Кароў.

І адразу стаў “страшчаць”:
- Болей жуйку не жаваць!
Калі хто загад парушыць,
Заспяваю моцна ў вушы!

…Спаць ляглі ў слязах Каровы.
Што зрабіць… Кіроўца новы….

Як закукарэкаў зранку:
- Выбягаем на зарадку!
Дык Каровы адурэлі
І ў поле паляцелі.
Гарлапаніць Певень: - Вой!
Як цяпер падняць надой?
Ні Кароў! Ні малака!

…Толькі хвост кіраўніка
Распушыўся на ўсю ферму,
Падняліся ў горла нервы,
І ў поле ён імчыць.
- Хто аддаў загад?! – крычыць.

Ды бягуць, равуць Каровы…
- Нам патрэбны перамовы! –
Лемянтуе Певень.
 – Стой!
Дзе  Каровы? Дзе надой?

Азірнуўся кіраўнік,
А над ім, як хмара, Бык.

Сэрца – у шпоры. Склеіў ласты…
Вельмі ж Певень быў гарласты.

……
Кожны можа горла драць,
Ды не кожны – кіраваць….

Каб бяды якой не стала,
Лепш быць ПРАФЕСІЯНАЛАМ.