Малюнак

Татьяна Цыркунова
Яшчэ не запалілі лямпу,
На захад сонейка ідзе.
Я на сцяне ўбачу малпу,
Цень чараўніцтва навядзе.

Ператваральнік цень вялікі,
Прапала малпа, жаба ёсць.
Адкінуты ад сонца блікі –
Нібы сабака цягне косць.

Цямнеюць цені на падлозе,
Бліскучы гасне сонца жар.
Прамень блукае па бярозе,
«Гарыць» кара, нібы пажар.

Імгненна цемра наступае,
Прапалі вобразы ўсе.
На вахту ночка заступае,
Ўсе кветкі ў начной расе.

У хаце запалілі лямпу...
Цяпер не здолею заснуць.
Шукаю вокам жабу, малпу...
Як тыя вобразы вярнуць?

Не, зноў не вернецца дзяцінства...
Шукаю вобразы – няма!
З мінулым знойдзе хто адзінства?
Не веру гэтаму сама...