МОЙ МАЙ

Валерий Познякевич
Спяшаю ў светлы, чысты май,
Каб расквітнець душою.
Мой май! -- Мацней мяне трымай
І не сціскай мяжою.

Жыву без межаў шмат гадоў --
Навошта людзям межы?
Калі ты край любіць гатоў --
Ты ўсёй зямлі належыш.

Не стане вольным чалавек
У тым замкнёным часе.
Сляза пральецца з-пад павек,
Завяне кветка ў вазе.

Як проста з воляй Бога жыць:
Цаніць сваё, чужое...
Мой май па ўсёй зямлі бяжыць --
Цяпер нас з маем -- двое.

Хто волю думкі зразумеў --
Да бегу далучайся,
Каб белы май надзею меў
І болей не сканчаўся.

19.09.2022.